ТРЫНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 30.5—12.6.1930 у Мінску. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 286 з дарадчым голасам ад 46 805 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 39 256 чл. і канд. у чл. КП(б)Б). Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК ВКП(б) (Дз.​З.​Мануільскі), ЦКК ВКП(б) (М.​А.​Трылісер); паліт. справаздача ЦК КП(б)Б (К.​В.​Гей); арганізац. справаздача ЦК КП(б)Б (І.​А.​Васілевіч); справаздача ЦКК КП(б)Б (А.​Я.​Калнін); даклады аб ходзе выканання 5-гадовага плана развіцця прам-сці (К.​Ф.​Бенек); аб калгасным руху і ўздыме сельскай гаспадаркі (М.​М.​Галадзед); аб задачах прафсаюзаў у рэканструкцыйны перыяд (І.​П.​Рыжоў); выбары кіруючых органаў партыі. З’езд прапанаваў ЦК і парт. арг-цыям: працягваць курс на індустрыялізацыю; умацоўваць калгасы і няўхільна павялічваць іх колькасць; выпраўляць памылкі і скрыўленні, дапушчаныя ў калгасным буд-ве; аднавіць разбураную нізавую сетку с.-г. кааперацыі; знайсці дадатковыя крыніцы забеспячэння прац. насельніцтва прадуктамі харчавання і рацыянальна выкарыстоўваць харч. рэсурсы. Умовамі паспяховага выканання намечанага курсу павінны былі стаць «бязлітасная барацьба» супраць правага апартунізму як гал. небяспекі на тым этапе развіцця, «левых» трацкісцкіх перагібаў, прымірэнства, усякіх ваганняў у нац. пытанні. Асаблівы акцэнт з’езд зрабіў на вынікі ідэолага-паліт. кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму і правага ўхілу, якая разгарнулася пасля праверкі ў маі—чэрв. 1929 камісіяй ЦКК ВКП(б) на чале з У.​П.​Затонскім практыкі нац. работы ў БССР. Многія дэлегаты ў сваіх прамовах заяўлялі, што настаў час разглядаць бел. нацыянал-дэмакратызм як гал.небяспеку для партыі. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 112 чл. і 62 канд., ЦКК КП(б)Б з 89 чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.

Літ.:

XIII з’езд Камуністычнай партыі (6.) Беларусі: Стэнагр. справаздача, 30 мая — 12 чэрвеня 1930 г. Мн., 1931;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.

Р.​П.​Платонаў.

т. 15, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)